Створаны ў 1996 у Мінску як недзярж. т-р на базе Альтэрнатыўнага т-ра (існаваў у 1990—96). Творчую дзейнасць пачаў пад маст. кіраўніцтвам І.Забары паказам спектакляў, пастаўленых раней у Альтэрнатыўным т-ры: «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча (рэж. А.Андросік і Рудаў), «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна (рэж. А.Літвін), «Лебядзіная песня» паводле А.Чэхава (рэж. В.Грыгалюнас). Мастацтву т-ра ўласцівы віртуознасць акцёрскай тэхнікі, дынамізм сцэн. дзеяння, актыўная драматург. роля музыкі, пластыкі і колеру. Працуе на невял. аўдыторыю, ставіць пераважна спектаклі малых форм з камерным складам выканаўцаў. Сярод пастановак: філас. камедыя «Скарпіён» А.Еранькова паводле апавядання «Няма даравання» Л.Андрэева (рэж. В.Еранькова), дынамічны экзерсіс «Знайсці Элізабет» А.Гарцуева паводле Р.Тама (рэж. Гарцуеў), філас. трагікамедыя «Дрэйфус» Ж.К.Грумбарга, створаная з выкарыстаннем прыёму «тэатр у тэатры» (рэж. Літвін), казка для дзяцей «Чаравічак для Папялушкі» Я.Жураўкіна паводле казкі «Папялушка» Ш.Перо (рэж. Дз.Марынін і Дз.Саладуха), канцэптуальная псіхал. драма «ART» Я.Рэзы (рэж. М.Пінігін), мюзікл «Тайны Чароўнага Паддашку» А.Еранькова (аўтар лібрэта і рэж. В.Еранькова). Сярод акцёраў: А.Голуб, Жураўкін, Забара, А.Корчыкаў, С.Нікіфарава, А.Федаровіч, А.Шуляк. У спектаклях удзельнічаюць і акцёры інш. т-раў: З.Белахвосцік, С.Журавель, В.Кашчэеў, Г.Лягчылава, В.Манаеў, А.Сідарава, А.Шадзько і інш.
Л.А.Лявонава.
Мінскі малы тэатр. Сцэна са спектакля «АРТ» Я.Рэды.